
27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту.
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася сустрэча памяці для прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза, школьнікаў з удзелам пракурора Дзятлаўскага раёна Віталія Юрго і начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольгі Рагачовай.
Тэматычную выставу “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць” гасцям прадставіў навуковы супрацоўнік музея Станіслаў Балабанскі. Ён расказаў, што кожны год для ўшанавання памяці ахвяраў Халакосту задаецца пэўная тэма для разважання. Сёлета яна гучыць як “Памяць пра Халакост і адукацыйная дзейнасць у імя правоў чалавека і чалавечай годнасці”. Задумацца ёсць над чым, бо злачынствы Халакосту суадносныя са злачынствамі генацыду. Калі ўзгадаем, у часы Другой сусветнай вайны адбывалася масавае знішчэнне яўрэйскага народа. У Вялікую Айчынную вайну гэта доля спасцігла і тых яўрэяў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, а выстава “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць” расказвае гісторыю Дзятлаўскага гета, якое было ўтворана ў райцэнтры 22 лютага 1942 года. Яшчэ зоны прымусовага ўтрымання яўрэяў знаходзіліся ў Наваельні, Дварцы, Казлоўшчыне. Музейны работнік спыніўся на такіх фактах ваеннай гісторыі, як пачатак яўрэйскага супраціўлення і стварэнне партызанскага атрада ў лясах Ліпічанскай пушчы, двух пагромах (масавых расстрэлах жыхароў гета), а таксама расказаў, як з’явілася кніга “Я дзятлаўскі” і пазнаёміў са зместам некаторых яе аповедаў. Станіслаў Балабанскі падкрэсліў, што сёння аб тых страшных падзеях у нашым раёне нагадваюць не толькі кнігі і архіўныя дакументы, але і помнікі, музейныя экспазіцыі.(Падрабязней...)